ДАГАВО́Р 1449,
пагадненне паміж вял. князем ВКЛ Казімірам і вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным. Паводле дагавора Казімір абяцаў не падтрымліваць прэтэндэнта на маск. прастол Дзмітрыя Шамяку, не ўмешвацца ў міжусобную вайну ў Маскоўскай дзяржаве, не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се... давати» Казіміру, і не ўдзельнічаць у магчымых сутыкненнях Ноўгарада і Пскова з Лівонскім ордэнам. Васіль II адмовіўся ад некат. наўгародскіх валасцей і прызнаў за разанскім вял. кн. Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казіміра. Дагаворам удакладнены межы паміж Маск. княствам і ВКЛ і фактычна спынена тэр. экспансія ВКЛ на У. Вынікам дагавора быў працяглы (да канца 15 ст.) мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
А.В.Белы.
т. 5, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)